Міхаілу Пастухову – 65
7-га красавіка спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння беларускага юрыста, доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Беларусі Міхаіла Пастухова.
Міхаіл Пастухоў родам з Браншчыны. Скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1983 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: “Крымінальна-прававыя аспекты апраўдання падсудных”, а ў 1993 годзе – доктарскую дысертацыю па тэме: “Рэабілітацыя невінаватых у крымінальным працэсе. Асновы прававога інстытута”. Удзельнічаў у распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы 1992 года, праекта Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (1992—1994), Канстытуцыі 1994 года, Закона аб Канстытуцыйным судзе. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце філасофіі і права НАН, выкладчыкам, намеснікам начальніка навукова-даследчага аддзела ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі Беларусі. З красавіка 1994 года быў суддзём Канстытуцыйнага суда Беларусі. У студзені 1997 года Міхаіл Пастухоў быў вызвалены з пасады загадам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «у сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў суддзі».
Са жніўня 1997 года Міхаіл Пастухоў з’яўляўся кіраўніком Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падчас грамадска-палітычнага крызісу восенню 1996 года застаўся верны прысязе суддзі Канстытуцыйнага суда, што і прынесла яму вядомасць у Беларусі і за яе межамі.
Уганараваны міжнароднай прэміяй “За развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці” (1998). Узнагароджаны Медалём “100 гадоў БНР”.
Шчыра віншуем Міхаіла Іванавіча з юбілеем! Жадаем яму здароўя, доўгіх гадоў жыцця і сямейнага дабрабыту!
Беларускае Радыё Рацыя
