Міхал „Ваўкалак”: Беларусы змагаюцца
Мурал як сімвал пратэсту супраць рэжыму і знак пашаны да асобы.

Аб’яднанне „Рух” працягвае ствараць у Польшчы мастацкія помнікі, прысвечаныя беларускім добраахвотнікам і змагарам за свабоду, сярод якіх – і Алесь Пушкін.
Пра важнасць такіх твораў нашаму карэспандэнту распавёў „Госць Рацыі”, адзін з лідараў „Руха” Міхал „Ваўкалак”. Голас спікера быў зменены з пункту гледжання бяспекі.
– 6-га жніўня быў дзень народзінаў Алеся Пушкіна. Мастаку павінна было споўніцца 58 гадоў, калі б яго не забілі лукашысты. Для нас гэта асоба была значнай і выбітнай, бо гэта быў шчыры беларускі нацыяналіст. Мы вырашылі нейкім чынам адзначыць яго дзень народзінаў. Гэта быў мастак, таму мы вырашылі зрабіць графіці ў яго гонар. На гэтай выяве Алесь Пушкін пры жыцці, дзе ён усміхаецца, стаіць у вышыванцы. Вышыванка пераходзіць у кроплі крыві, якая сімвалізуе забойства Алеся Пушкіна, таксама там пазначаны гады жыцця. Гэтае графіці было зроблена каля „Беларускага дому”, літаральна ў 50-ці метрах ад галоўнага ўваходу на ўваходзе ў падземны пераход. Кожны ахвочы можа прыйсці, ушанаваць памяць Алеся, падысці да гэтага графіці. Гэтае графіці дапамагалі рабіць нашы сябры з Аўстрыі, гэта творчае аб’яднанне „Тутэйшыя”. Кіраўнік гэтага аб’яднання таксама з’яўляецца сябрам „Руху”. Таму мы вырашылі зрабіць такую калабарацыю і такую сумесную працу.

РР: Як атрымалася пасябраваць?
– У нас шмат філій не толькі ў Польшчы, зараз гэта ўжо адзінаццаць краін. У тым ліку ў нас зараз фармуецца філія ў Аўстрыі. Хутка ўжо ў самой Аўстрыі будуць акцыі самой філіі.
РР: Гэта не першая ваша графіці прысвечанае Алесю Пушкіну, ёсць яшчэ.
– Так. На дзевяць дзён забойства Алеся Пушкіна мы рабілі арт-перформанс. Мы выбралі такія формы, бо сам Алесь быў мастаком, перформерам, таму на дзевяць дзён мы вырашылі зрабіць такі арт-перформанс. Там была карціна, дзе для фону быў узяты яго знакаміты арт, дзе ён уласнай крывёй намаляваў БЧБ-сцяг. Таксама там былі налепленыя зламаная палітра і зламаны пэндзаль. Карціна называлася „Зламанае жыццё мастака”. Ужо на дзень народзінаў мы вырашылі зрабіць графіці, як даніну памяці мастаку, ушанаваць памяць такім чынам.
РР: Ці маеце ў планах зрабіць яшчэ штосьці?
– Зразумела, планы ёсць. Творчае аб’яднанне „Тутэйшыя” з Аўстрыі, напрыклад, сябры арганізацыі сябры „Руху”. У нас вялікія планы рабіць розныя муралы, графіці. Наперад забягу, мы будзем рабіць вялікае мерапрыемства на Дзень беларускай вайсковай славы. Мы хацелі б, каб яно прайшло ва ўсіх гарадах краін, дзе ў нас ёсць філіі і прадстаўніцтвы, гэта адзінаццаць краін. Магчыма яшчэ далучацца нейкія краіны, то бок гэта ад 11 да 13 краін. Колькасць гарадоў ад 26 да 30. У гэтых гарадах будуць праведзеныя розныя акцыі. Мы вызначылі мінімум пяць відаў. У некаторых гарадах будуць зроблены графіці і муралы. Гэта кампанія будзе прысвечана 8 верасня, гэта Дзень беларускай вайсковай славы. У 1514 годзе адбылася Аршанская бітва, якая і стала нагодай для святкавання Дня беларускай вайсковай славы. У яе гонар мы хочам правесці кампанію. Яна будзе праходзіць на нацыянальных мовах тых краін, дзе яна будзе адбывацца. Каб распавесці мясцовым жыхарам, што беларусы ваююць за Украіну. Будзе QR-код, праз які можна будзе перайсці па спасылцы і даведацца, як дапамагчы беларускім добраахвотнікам. Ідзе прапаганда, што беларусы выступаюць за Пуціна, з Беларусі ляцяць ракеты, Беларусь за Лукашэнку, таму мы хочам паказаць іншы бок. Беларусы змагаюцца, беларусы змагаюцца са зброяй у руках ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/ruchbelnac

