Мінадукацыі будзе размяркоўваць усіх выпускнікоў
Міністэрства адукацыі атрымала задачу размяркоўваць усіх выпускнікоў, а не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове. Аб гэтым заявіла на сустрэчы з моладдзю Менска старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
«У нашай краіне размеркаванне абавязковае. Таму гэтае пытанне мы трымаем на кантролі. Калі малады чалавек заканчвае вышэйшую навучальную ўстанову або каледж, мы павінны даць яму першае працоўнае месца. Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўлена задача – размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх», – цытуе яе прэс-служба СР.

Яна дадала, што ВНУ таксама павінны шукаць жыллё для выпускнікоў.
«У гэтым працэсе павінны больш актыўна ўдзельнічаць ВНУ. Калі мы размяркоўваем спецыялістаў, напрыклад, у Светлагорску на Хімвалакно, мы павінны разумець, што ім будзе прадастаўлены інтэрнат ці арэнднае жыллё. Гэта трэба адпрацаваць. Гэта мусіць быць сістэмай. І, вядома, паводле закону сёння малады спецыяліст мае права на наёмнае жыллё. І калі ў гарады прыязджаюць маладыя спецыялісты – настаўнікі, лекары, тыя, хто запатрабаваны ў рэгіёнах, ім прадастаўляюць жыллё з аплатай з паніжальным каэфіцыентам», – дадала яна.