Міжнародны дзень барацьбы з нарказалежнасцю і наркотыкамі
Сёння, 1 сакавіка, – Міжнародны дзень барацьбы з нарказалежнасцю і наркотыкамі. Напярэдадні ў краіне агучылі афіцыйную лічбу – летась 110 непаўнагадовых трапілі пад крымінальную адказнасць за нарказлачынствы. Пераважна гэта распаўсюд псіхаактыўных рэчываў.

Нарколаг Аляксандр Павяльчук гаворыць, што зараз у моладзевым асяродку наркагандляры актыўна гуляюць на супрацьпастаўленні ўнутрывенных наркотыкаў і псіхатропаў, маўляў апошняе – нармалёва:
– Ужываць наркотыкі праз іголку – гэта не кайфова, гэта не прэстыжна, гэта шкодна. А вось пакурыць гэта карысна. Вось такое, каб развесці. А пасля пачынаюцца вось гэтыя рухі, тым больш, калі колешся, гэта больш заўважна. Па грашах эканамічней выйдзе на першых парах, таму ўжываць не ўнутрывенна прасцей для той жа моладзі.
Суразмоўца дадае са свайго досведу, што сапраўды падлеткі, якія трапілі ў праблему, не ўсведамляюць сябе нарказалежнымі, бо не лічаць псіхаактыўныя рэчывы нечым шкодным і небяспечным. Гэта акурат вынік іх апрацоўкі наркагандлярамі.
Беларускае Радыё Рацыя