Музыкі з гурта Litesound Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знайшліся ў СІЗА-1
Удзельнікі “Еўрабачання” ад Беларусі, браты-музыкі з гурта Litesound Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знайшліся ў СІЗА-1.

Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, абодвум інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Нагадаем, пра іх затрыманне праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 13 кастрычніка — паводле іх, браты “ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі”. Каб затрымаць 36-гадовага Дзмітрыя і 32-гадовага Уладзіміра Каракіных, да іх у дом уламіўся САХР у поўнай экіпіроўцы.
Браты заснавалі гурт у 2005 годзе, яшчэ ў школе. Гэта адзін з самых вядомых эстрадных гуртоў Беларусі. У 2012 годзе яны прадстаўлялі Беларусь на “Еўрабачанні”. Менавіта Litesound стварыў гімн для Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014-м годзе, а таксама штогод выступаў на “Славянскім базары”.