На Берасцейшчыне не спыняецца палітычна матываваны крымінальны канвеер
Дзясяткамі грамадзянаў штомесяц судзяць па крымінальных і адміністрацыйных палітычна матываваных артыкулах на Берасцейшчыне.

Справы пераважна датычацца абразы прадстаўнікоў улады і так званага экстрымізму, – распавяла праваабаронца спадарыня Ганна:
– У нас працягваюцца крымінальныя справы – за абразу прадстаўнікоў улады, звычайна міліцыянтаў. Усё яшчэ дзясяткі такіх прысудаў за месяц у нас выносіцца. І атрымліваецца, што за мінулыя два тыдні ў нас зноў былі такія суды, але што незвычайнае, то адразу некалькі судоў адбыліся па справе Зельцэра, гэта справы за каментары, якія людзі пакідалі ў інтэрнэце пасля перастрэлкі ў менскай кватэры айцішніка Зельцэра.
Згодна апошніх звестак, колькасць палітвязняў з Берасцейшчыны складае 253 чалавекі. І гэта далёка не поўны спіс тых, хто праходзіць па палітычна матываваных справах.
Беларускае Радыё Рацыя