На мяжы з Украінай захоўваецца пажаранебяспечная сітуацыя
У Пінскім і Столінскім раёне Берасцейшчыны за месяц адбылося звыш дваццаці ўзгаранняў у экасістэмах. Галоўная прычына – чалавечы фактар, людзі спальваюць смецце з панадворкаў і сухую расліннасць. Надзвычай такая практыка небяспечная ў тарфяністай мясцовасці.

„Бясконца заклікаем жыхароў адмовіцца сёлета ад гэтай негатыўнай традыцыі”, – гаворыць ратавальнік Ігар Кавалёў:
– Просьба не распальваць агонь, не здзяйсняць некантраляванага спальвання. Людзі, якія знаходзяцца на тэрыторыях з торфам, калі гэта торф, то ён гарыць, а гэта можа прывезці да вялікай бяды. Калі на торфе разводзіць нейкія вогнішчы, то ён пачынае гарэць. Тушыць яго вельмі складана, бо гэта прыроднае рэчыва, ён гарыць без доступу паветра.
З пачатку сакавіка беларуска-ўкраінскае памежжа знаходзіцца пад асаблівым кантролем ратавальнікаў і супрацоўнікаў лясгасаў. Галоўная задача – прадухіліць буйныя пажары на памежнай тэрыторыі.
Беларускае Радыё Рацыя