На Полаччыне працягваюцца суды над грамадскімі актывістамі
На Полаччыне працягваюцца суды над грамадскімі актывістамі. 60 сутак запар прысудзілі наваполацкаму актывісту Андрэю Галавырыну, які адбывае вырок у наваполацкім ЦІПе. 1 жніўня яго асудзілі чацвёрты раз. Гэтым раз на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і прызначыла чарговыя 15 сутак. Вядома, што папярэднія тры пратаколы былі складзеныя проста за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.

1 жніўня на Полаччыне прайшоў яшчэ адзін суд над мясцовым актывістам. Да 25 сутак арышту быў асуджаны жыхар Полацку Сяржук Хвасцёнак, прыхільнік руху «За Свабоду», спартовец-аматар, арганізатар і ўдзельнік роварных падарожжаў. Падрабязнасці абвінавачання пакуль не вядомыя. Але мінулы раз, у кастрычніку 2021г., Хвасцёнак быў асуджаны на 10 сутак за рэпосты двух спасылак з канала, прызнанага экстрэмісцкім: пра музычны канцэрт і ЧС па хакеі.