На рынку пад Менскам затрымалі каля 90 чалавек



На рынак „Новы Лебядзіны” пад Менскам у першай палове дня 22 верасня прыехаў АМАП. Там адбыліся масавыя затрыманні.

Фота: zerkalo.io

У каментары zerkalo.io сын адной з супрацоўніц рынка распавёў, што большасць затрыманых — людзі, у якіх было некалькі пашпартоў. Па яго словах, маці прыехала на працу каля 9-й гадзіны раніцы і ўжо ўбачыла амапаўцаў у балаклавах. Каля самога рынку стаялі два аўтазакі і адзін аўтобус.

„Забіралі ўсіх, у каго няма беларускага пашпарта: узбекаў, расейцаў, таджыкаў. Затрымлівалі спакойна. Не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і людзі ў цывільным. Беларусаў праверылі і адпусцілі. Мама паразмаўляла з ахоўнікам рынку, усяго затрымалі 70 мужчын і 20 жанчын”, — кажа сын работніцы рынку.

Журналісты патэлефанавалі ў адміністрацыю рынку „Новы Лебядзіны” пад выглядам супрацоўнікаў. Ім пацвердзілі, што затрыманні былі, але іх прычыну ў адміністрацыі не ведаюць.

Беларускае Радыё Рацыя