На волю выйшлі Аліса Раманава і Уладзімір Ланкевіч



Два палітвязні выйшлі на волю, а адна асоба была дададзеная да спісу за бягучы тыдзень на Берасцейшчыне. У сувязі з адбыццём тэрміна пакарання вызваліся Аліса Раманава і Уладзімір Ланкевіч. Новым палітвязнем быў прызнаны Сяргей Еўдакіменка.

Палітзняволеная Аліса Раманава, што выйшла на волю, была асуджаная за каментар, пакінуты ў тэлеграм 28 лютага мінулага года ў адносінах да Пуціна і Лукашэнкі. Спачатку яна знаходзілася ў СІЗА, а пасля была пераведзеная ў папраўчую жаночую калонію №5. Па дадзеных праваабаронцаў, у жніўні бягучага году жанчына павінна была выйсці на свабоду.

Таксама на свабоду выйшаў палітвязень Уладзімір Ланкевіч, які быў асуджаны на тры гады калоніі за так званую „партызанскую справу”. Паводле следства, ён перашкаджаў чыгуначнаму руху. Знаходзіўся ў калоніі №3, тэрмін пакарання адбыў цалкам.

Да спісу палітвязняў быў дададзены Сяргей Еўдакіменка. Асуджаны да 7 гадоў калоніі за тое, што нібы перадаваў дадзеныя супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграм-каналы. На судзе мужчына сваёй віны не прызнаў. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА №7 у Берасці.

Беларускае Радыё Рацыя