Наста Базар: Была мэта абʼяднаць усіх на адной тэме
Завяршыўся трохдзённы марафон салідарнасці з палітзняволеннымі “Нам не ўсё адно”. У рамках яго ў суботу, 29-га ліпеня, адбыўся вялікі 12-гадзінны эфір, які трансляваўся на YouTube пляцоўках незалежных медыя. Да падзеі далучыліся палітыкі, грамадскія дзеячы, спартоўцы, музыкі, а таксама палітвязні і іх родныя. На момант завяршэння эфіру атрымалася сабраць больш за 350 000 еўра, а ўсяго ў выніку марафону – 574 306 еўра.

Сённяшняя Госця Рацыі – суарганізатарка падзеі Наста Базар. У размове з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай яна расказала пра ідэю, ход і вынікі вялікага дабрачыннага эфіру:
— Вольга Гарбунова, прадстаўніца сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі, безумоўна, першай сваёй мэтай ставіць пытанне палітзняволеных. Таму яна і каманда сочаць за рознымі мажлівасцямі, інструментамі, і хто што робіць у свеце дзеля вызвалення палітзняволеных. Розныя прыклады, як дамаўляліся з іншымі краінамі, напрыклад, дыктатарскімі, як забраць палітзняволеных. Гэта марафоны, канцэрты і г.д. Не будзем хаваць, што нас натхніў марафон, што прайшоў 12 чэрвеня, што зладзілі незалежныя расейскія медыі. І мы зразумелі, што за тры гады ніхто не рабіў такога, і змеркавалі, што варта паспрабаваць. Плюс была мэта абʼяднаць усіх на адной тэме. Тых, хто мажліва недзе канкуруе, мае розныя погляды, спрэчкі, але было жаданне паказаць, што ёсць тэма, за якой усе гатовыя абʼяднацца.
РР: Ці сачыла ты за марафонам на працягу ўсяго дня?
— Безумоўна сачыла, але паралельна, я як адна з суарганізатараў, мела шмат клопатаў. На жаль, фізічна немажліва было паклікаць усіх. І мы аддалі гэтую частку арганізацыі на медыі, і гэта яны запрашалі, і шмат хто з намі ў кантакце, было шмат ліставанняў, людзі пачалі крэатывіць: карціну выставілі на аўкцыён, дарыць майкі за данат не менш у 200 еўра. Ну і розныя рэчы трэба было развязваць. У мяне быў уключаны стрым цэлы дзень, толькі быў момант, калі я перамяшчалася паміж студыямі ў Варшаве, тады я з тэлефону глядзела. Але цэлы дзень глядзела – мне спадабалася больш за ўсё тое, што была разнастайнасць гасцей, яны былі розныя, казалі пра рознае.
Марафон салідарнасці з палітзняволеннымі “Нам не ўсё адно” ладзіўся з 28-га па 30-га ліпеня ўключна.
Беларускае Радыё Рацыя