Насту Лойку білі электрашокерам, бо яна забылася пароль ад тэлефона



Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, таму што яна забылася свой пароль ад тэлефона.

Пра гэта распавяла расейская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла 15 сутак на Акрэсціна.

“…Як мне потым расказалі, дзяўчыну, якая проста забылася свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэту гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі”.

Нагадаем, на адным з судоў Наста распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін, за тое, што яна напісала скаргу.