Насустрач 2023 году



На пачатку кожнага новага каляндарнага года актывізуюцца рознага кшталту прадказальнікі і экстрасенсы, аналітыкі і аракулы. На 2023 год такіх прагнозаў таксама не бракуе і бальшыня з іх мае не сама аптымістычны характар. Што і лёгка зразумела пры той сітуацыі, якая склалася ў свеце. Характар падзей напэўна будзе вызначацца гарачай вайной, якую развязала Расея непасрэдна супраць Украіны, а фактычна – супраць усёй Еўропы і цывілізаванага свету. Пасля падзей 2022 года свет яшчэ больш наблізіўся да страшнай адзнакі гісторыі – а менавіта прымянення ядзернай зброі. Становіцца ўсё выразней відавочна, што Пуцін непазбежна яе прыменіць ці зробіць спробу яе прымяніць. Поспехі ўкраінскага войска на фронтах яскрава пераконваюць, што перамагчы канвенцыянальнай зброяй Украіну Масква не можа. І не зможа надалей. Але прайграць Пуцін таксама ніяк не можа, гэта супярэчыць усёй яго прыродзе абсалютнага зла.

Нейкі «палацавы пераварот» у Расеі зараз немагчымы. Таму спыніць крамлёўскага фюрэра можа толькі яго знешняя фізічная ліквідацыя. У адваротным разе ён абавязкова выкарыстае ядзерную зброю. Але Захад, які ў значнай ступені сам узгадаваў такую пагрозу свету, ня здольны на радыкальныя прэвентыўныя дзеянні. Тактыка Захаду на сёння – гэта маруднае здушэнне пуцінскага рэжыму, і то ён у ёй непаслядоўны, што абарочваецца ўсё большымі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва Украіны. Куды большая імавернасць, што падзеі будуць разгортвацца імкліва, а значыць полымя вайны разгарыцца намнога шырэй тэрыторыі Украіны. Распісваць далейшыя падзеі пры такім змрочным сцэнары нават не хочацца.

Пэўныя спадзевы дае назіранне цыклічнасці гісторыі Расеі, дзе праз кожныя дванаццаць гадоў істотна ці нават кардынальна мяняецца палітычная сітуацыя. А ў Пуціна якраз другая 12-гадовая «кадэнцыя» завяршаецца ў канцы 2023 года. Хочацца спадзявацца, што тады ж наступіць шанец і для Беларусі вызваліцца ад прамаскоўскай улады. І верыць, што Крамлю ўсё ж не ўдасца яшчэ больш уцягнуць беларусаў ў сваю подлую і ганебную вайну.

Нават калі падзеі будуць развівацца ў цяперашнім ключы, у эканоміцы пераважнай бальшыні дзяржаў свету працягнецца крызіс. А значыць цэны на ўсё будуць расці, а грошы абясцэньвацца. А значыць будзе нарастаць ашуканства з боку тых, хто імкнецца кіраваць гэтым светам.

Год падаецца досыць бедным на выбарчыя кампаніі. Значных выбараў у розных краінах запланавана параўнальна мала. 13-14 студзеня пройдуць парламенцкія выбары ў Чэхіі, 5 сакавіка – у Эстоніі, а 2 красавіка – у Фінляндыі. 29 кастрычніка павінны адбыцца і парламенцкія выбары ва Украіне. Калі вайна да гэтага часу не прыпыніцца, яны будуць хутчэй усяго перанесены. Найбольш значная падзея ў гэтым кірунку – парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў Турцыі, якія пройдуць адначасна 18 чэрвеня. Можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што гэта будуць апошнія адносна дэмакратычныя выбары ў гэтай краіне ў агляднай будучыні. Хутчэй усяго адбудзецца ўзурпацыя ўлады і далейшы рост аўтарытарнага рэжыму Рэджэпа Эрдагана, які яшчэ больш будзе рабіцца ўсё больш ключавым гульцом на ўсёй сусветнай палітычнай сцэне і прасоўваць «цюркскі мір». Не выключана і тэрытарыяльная анексія Турцыяй часткі Сірыі, разбуранай і знясіленай папярэднімі гадамі грамадзянскай вайны і знешняй інтэрвенцыі. Магчыма да вясны ўзмацняцца пратэсты ў Іране.

Ніякіх маштабных спартовых форумаў таксама не чакаецца. Год не алімпійскі, а пасля чэмпіянатаў Еўропы і свету па футболе таксама пэўны перапынак у найбольш папулярнай гульні на зямным шарыку. Застаецца інтрыгай – ці будуць дапушчаны да ўдзелу ў розных спаборніцтвах спартоўцы Расеі і Беларусі, ці накладзены на іх бан будзе падоўжаны. Але чалавецтву будзе хутчэй усяго не да спорту і забаваў.

У кожным разе няма ніякага сумневу, што 2023 год будзе цяжкім, ці вельмі цяжкім, альбо надзвычай цяжкім як для ўсёй планеты, так і для насельнікаў нашай Усходняй Еўропы. Таму застаецца пажадаць усім вытрымкі, здароўя, надзеі з верай, і безумоўна выжывання ў гэтым жорсткім свеце.

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №1, 2023 год