Наталля Васілевіч: Можна разглядаць рэакцыю Каталіцкага касцёла як стасункі агрэсар-ахвяра



Улады Беларусі забіраюць у каталіцкіх вернікаў адзін з іх сімвалаў і адзін з сімвалаў беларускай сталіцы – Чырвоны касцёл. Афіцыйная прычына: будынак касцёла, які належыць дзяржаве, патрабуе рамонту і рэканструкцыі. Аднак грамадскасць бачыць гэта іначай. Сітуацыю з Чырвоным касцёлам каментуе мадэратарка групы “Хрысціянская візія” Наталля Васілевіч у размове з Янай Запольскай.

РР: Як успрынялі інфармацыю, што Чырвоны касцёл фактычна адбіраюць у вернікаў? Ці стала гэта нечаканым, бо пераслед Касцёла стаў ужо такім перманентным працэсам за апошнія гады нават у Беларусі?

Наталля Васілевіч: Безумоўна, нечаканасці ў гэтым не было. Гэта ўпісваецца ў агульны трэнд узаемаадносінаў рэжыму Беларусі з усімі сацыяльнымі групамі і з рэлігійнымі супольнасцямі, але, безумоўна, гэта таксама было і нечакана. Асабліва ў кантэксце таго, што цяпер ніякіх пратэставых публічных настрояў не бачна з боку Каталіцкай царквы. Адбылося такое замірэнне, статус-кво нейкі падтрымліваецца, то-бок няма ніякіх асаблівых такіх публічных заяў ці дзеянняў з боку Каталіцкай царквы, за якія можна было б чакаць такога кроку з боку ўладаў. Гэта раз.

А па-другое, усё ж такі Чырвоны касцёл мае сімвалічны статус. Мы бачым, да якога рэзанансу прывялі дзеянні ўладаў цяпер, звестка пра тое, што Чырвоны касцёл могуць адабраць у вернікаў. Гэта не лагічна, не зусім упісваецца ў нейкую прагматыку, нейкія мэты, якія б магла ставіць перад сабой улада. Але як і многія дзеянні ўладаў за апошнія гады, такі ўціск рэпрэсій, безумоўна, яны таксама кіруюцца не нейкай прагматычнай логікай, не падтрыманнем сацыяльнага кантакта, а такой логікай гвалту: я магу гэта зрабіць, таму я гэта раблю.

РР: Чаму, прынамсі на гэты час, як мы размаўляем, няма відавочнай рэакцыі іерархаў Каталіцкага касцёла?

Наталля Васілевіч: Тут можна разглядаць рэакцыі Каталіцкага касцёла, кіраўніцтва ў межах, ведаеце, як ёсць такія стасункі, – агрэсара і ахвяры. Калі ахвяра, на якую нападае агрэсар, можа або замерці, альбо біць у адказ або ўцякаць. Мне здаецца, цяпер Касцёл кіруецца першай стратэгіяй, трохі замёр, трохі спрабуе нейкімі дыпламатычнымі шляхамі штосьці высветліць і вырашыць. І, магчыма, гэтая стратэгія зменіцца праз некалькі дзён альбо нават праз некалькі гадзін, у залежнасці ад таго, якую пазіцыю зойме Ватыкан, якую пазіцыю зойме беларуская грамадскасць, медыя. Калі Касцёл беларускі сапраўды адчуе падтрымку сваіх вернікаў, беларускага грамадства і Ватыкана, думаю, што яны змогуць набрацца сілаў, адвагі для таго, каб прыняць гэтую канфрантацыю з рэжымам і дзейнічаць адпаведна.

Мне здаецца, што цяпер, магчыма, такі шокавы стан, і сітуацыя на самой справе вельмі канфрантацыйная. І калі той ціск, які ёсць у Беларусі, мы ўлічым, то мы можам зразумець, што тут цяжка вызначыцца, як найлепей рэагаваць.

РР: Зразумела, што ўсё гэта адбываецца на фоне такой палітычнай сітуацыі і вельмі кепскіх стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Варшавай, калі мы гаворым пра Польшчу. Як вы думаеце, наколькі менавіта палітычныя чыннікі тут спрацавалі, таму што апошнім часам на Гарадзеншчыне руйнаваліся могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, і саюз палякаў пад ціскам? Можа, касцёл з гэтага шэрагу, трэба разглядаць у такой  палітычнай плошчы выключна?

Наталля Васілевіч: Чырвоны касцёл для Беларусі ўсё ж такі сімвал беларускага каталіцтва, мала ў каго Чырвоны касцёл асацыюецца з Польшчай, палякамі, польскім каталіцтвам. І з аднаго боку так, вы маеце рацыю, што стасункі ўладаў з Варшавай вельмі кепскія. Але стасункі ўладаў з Ватыканам досыць такія ўраўнаважаныя, стабільныя, мы не бачым ніякай канфрантацыі. Наадварот, Лукашэнка шмат разоў хваліў Папу Францыска як свайго ўлюбёнага Папу і сустракаўся з прадстаўнікамі Святога пасаду. Таму вельмі цяжка гэта разглядаць як нейкую інструменталізацыю: якіх мэтаў хацела дасягнуць улада, на каго націснуць, каму адпомсціць і г.д. Тут я не бачу прагматычнай мэты. Вельмі цяжка ўбачыць такую лагічную, прагматычную, рацыянальную мэту. Усё ж такі, на мой погляд, улады тут кіруюцца не мэтамі, не рацыянальнымі задачамі, а хутчэй афектам. То-бок мы бачым той рэжым, у які перайшлі ўлады Беларусі з пачатку такіх масавых рэпрэсій у Беларусі, і проста ціснуць усё, да чаго даходзяць рукі, да чаго яны могуць дацягнуцца. Проста прыйшоў час цяпер менавіта Чырвонага касцёла.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя