Не ўсе пінчукі ведаюць пра Дзень народнага адзінства



У Беларусі адбываецца трэцяя спроба прышчапіць грамадзянам святкаванне 17-га верасня. Упершыню ўваход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, тагачасную частку Польшчы, і яе далучэнне да Савецкай Беларусі адзначалі да 1949 года, але пасля сама ж савецкая ўлада ад гэтага адмовілася. Напрыканцы існавання Савецкага Саюзу ізноў былі спробы адрадзіць урачыстасці на 17-е верасня, але безвынікова. 

І вось з мінулага года ў краіне з’явіўся Дзень народнага адзінства, які афіцыйна ўсталяваны ў гонар аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ўвосень 1939 года. З нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Пінска, ці ведаюць яны пра свята і яго сэнс:

– Дзень Канстытуцыі новай? Я не ведаю.

– Дзень народнага адзінства, аб’яднанне народаў, каб жыць разам.

– Дзень народнага адзінства, калі мне не здраджвае памяць, гэта было звязана з вызваленнем ад польскай інтервенцыі, нешта такога кшталту.

Сярод беларускіх гісторыкаў, розных поглядаў, ёсць кансэнсус наконт таго, што гэта важная падзея – злучэнне падзеляных беларускіх земляў. Але вялікія разыходжанні звязаныя з трактоўкамі, ацэнкаю савецкай ўлады, яе саюзам на той момант з нацысцкай Нямеччынай.