Не ўсё паспеў ажыццявіць



У 1980-90-х гадах Валеры Маслюк (1953-2001) быў адным з самых папулярных тэатральных рэжысёраў у Беларусі. 30 сакавіка яму споўнілася б 70.

Валеры Маслюк нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Ропна Полацкага раёна.

Закончыў Ушацкую сярэднюю школу, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1979). У 1979–1981 і ў 1997–2001 гадах працаваў у Віцебску ў тэатры імя Якуба Коласа рэжысёрам-пастаноўшчыкам, у 1993–1997 гадах – мастацкім кіраўніком. Узначальваў Магілёўскі абласны драматычны тэатр (1981–1983), Рускі тэатр імя М. Горкага (1983–1992).

На коласаўскай сцэне ён паставіў шэраг спектакляў, сярод якіх быў і спектакль “Пакахай мяне, салдацік” паводле Васіля Быкава (1997). А ў Магілёўскім тэатры паставіў спектаклі ”Тутэйшыя” паводле твораў Янкі Купалы, “Судны дзень” паводле аповесці “Суд у Слабадзе” Віктара Казько (1982). Спектакль “Знак бяды” паводле Васіля Быкава быў пастаўлены ў Дзяржаўным рускім тэатры. За гэтую пастаноўку рэжысёр атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Валеры Маслюк пісаў вершы і п’есы. Першая вялікая падборка яго паэтычных радкоў была апублікавана ў калектыўным зборніку “Сцяжына” у 1983 годзе. Паспеў напісаць і паставіць уласныя п’есы “Вялікая сумная рыбіна, якая чакае”, “Пад сонцам” і “Пакацігарошак”.

Пражыў Валеры Маслюк толькі 48 гадоў. У адным з вершаў ён пісаў:

Вечнасць, бясконцая вечнасць…

А ты… ты, чалавек мой,

Ніколі не падумаеш:

-Кароткае жыццё.

Памёр Валеры Маслюк 26 жніўня 2001 года.Так і не паспеў ён ажыццявіць шмат сваіх задумак і планаў.

Беларускае Радыё Рацыя