Непазбежная плата

Надарылася неяк нядаўна пабываць у Варшаве. Сталіца Польшчы з яе велічэзнымі гмахамі ўпэўнена глядзіць у будучыню. Але асабіста мне, правінцыялу з дзяцінства, у вялікіх гарадах, кшталту Менску ці Варшавы, досыць дыскамфортна. А заблытанасць сталічных чыгуначных вакзалаў, якія перажываюць нейкія перманетныя рамонты, можа давесці недасведчанага чалавека да адчаю. У досыць гарачы дзень на стыку лета і восені вакзал Варшава Гданьска з яго тлумам і натоўпамі падаўся сапраўдным пеклам. Але галоўнае адмоўнае ўражанне ад наведвання сталіцы было зусім не ад гэтага. За дзень актыўнага швэндання ў ваколіцах Варшавы Цэнтральнай і па вуліцах горада толькі па адным разе давялося пачуць беларускую і ўкраінскую мовы. Затое паўсюль гучыць расейская мова, якая ў Польшчы па ўжытку ўпэўнена становіцца другой пасля польскай. Асабліва прыкра, што носьбітамі расейшчыны ёсць найперш людзі, якія выехалі апошнія гады з Украіны і Беларусі. Расейскамоўнае маўленне ўкраінцаў і беларусаў, дарэчы, істотна адрозніваецца.
Новыя эмігранты нават не задумваюцца, што галёкаць на вуліцах еўрапейскіх гарадоў па-расейску сёння ёсць нечым непрыстойным. Зразумела, што сама па сабе расейская мова не можа быць злом. Але яна становіцца абсалютным негатывам у кантэксце тых «інтэграцыйных» і акупацыйных працэсаў, якія адбываліся яшчэ пры савецкім саюзе і працягнуліся ў палітыцы сённяшняй пуцінскай Расеі.
На жаль, нават бальшыня змушаных эмігрантаў так і не зразумела дагэтуль, што адной з найвялікшых праблемаў краінаў, куды прыйшла маскоўская акупацыя, ёсць менавіта папярэдняя русіфікацыя. Людзі нават не могуць супаставіць, што ва Украіне найбольш пацярпелі ад уварвання варвараў-суседзяў якраз «русскоговорящие» рэгіёны, якія расейская армія прыйшла „вызваляць” ад «бандэраўцаў» і «насильственного насаждения украинского языка». Людзі не могуць асэнсаваць, што ў Беларусі ў міліцыі, судах, турмах іх збіваюць, судзяць, катуюць, з іх здзекуюцца менавіта на расейскай мове. І гэта мова захопніка з Усходу, які мэтна знішчае ўсё беларускае і насаджае свае дзікунскія правілы існавання.
Калі перыядычна чую ад дзеячаў беларускіх грамадскіх арганізацый па-расейску пра развіццё адукацыі ці культуры на «чистом русском языке», у мяне ўвогуле мову займае ад такой абсурдальнасці. Як у людзей стае нахабства «адраджаць» беларускую адукацыю і культуру па-расейску? Калі амаль усе беларускія незалежныя медыі сваёй першаснай мовай зрабілі расейскую, то якога зруху сведамасці можна чакаць ад звычайных грамадзянаў. Прычым знаходзяцца дзясяткі тлумачэнняў такой моўнай крывадушнасці. Нібыта робяць яны гэта дзеля пашырэння аўдыторыі, дзеля ўплыву на расейскіх, казахстанскіх грамадзян (сваіх ужо пераканалі хіба!). Нібыта гугл не адсочвае беларускай мовы і абмяжоўвае паказы (то можа нейкімі калектыўнымі зваротамі лепш дамагчыся ад таго ўсемагутнага гугла роўнасці нашай мовы?). І таму падобныя абгрунтаванні. Калі ў офісах многіх беларускіх грамадскіх арганізацый і рэдакцый, што апынуліся на выгнанні ў Вільні ці Варшаве, выразна дамінуе расейская мова як працоўная, то пра якое Адраджэнне Беларусі можна марыць?! І чым урэшце такая расейскамоўная дзейнасць па сваіх пладах адрозніваецца ад таго, што дзясяцігодззямі робіць улада ў Беларусі?!
Усе мы, грамадзяне Беларусі, маем на сваіх плячах цяжар ці віны ці калектыўнай адказнасці. Адны за актыўны ці пасіўны саўдзел у ганебных працэсах, іншыя за тое, што не змаглі ім належна супрацьдзеіць і ў выніку прайгралі. У 1994 годзе на першых і адзіных выбарах прэзідэнта людзі прагаласавалі за кандыдата, які належна не валодае аніводнай мовай, а беларускай выразна ад пачатку грэбаваў. У 1995 годзе на рэферэндуме, які быў канешне незаконным, але галасы на якім яшчэ больш-менш лічылі, выразная бальшыня (83%) прагаласавала за расейскую мову як другую дзяржаўную ў Беларусі. Фактычна гэта азначала дыкрымінацыю беларускай мовы, якая толькі пачынала адраджацца. А за адмову ад свайго рана ці позна прыходзіць жорсткая расплата. Вось яна і прыйшла.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік «Ніва», верасень 2023 г.