Новы від махлярства ў Беларусі
У Беларусі набірае моц новы від махлярства. Як паведамляе Следчы камітэт, па хатах ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца „адвакатамі”. Рагачоўскі рай-аддзел СК завёў крымінальную справу па факце завалодання махлярамі грошай двух жыхарак вёскі Ветачка Рагачоўскага раёна.

Паводле следства, раніцай 4 ліпеня да 82-гадовай жыхаркі вёскі прыйшла незнаёмая жанчына, якая прадставілася адвакатам. Яна запэўніла пенсіянерку, што аказвае юрыдычную дапамогу яе ўнучцы, якая жыве ў Менску — нібыта дзяўчына парушыла правілы дарожнага руху, перайшоўшы дарогу ў непазначаным месцы. Яе збіла машына, дзяўчына ў рэанімацыі. Дзеля правядзення ўнучцы тэрміновай аперацыі і „адмазкі” за правапарушэнне госця запатрабавала ад бабулі 15 тысяч долараў. Пры чым, паводле „адвакаткі”, бацькі дзяўчыны ўжо перадавалі грошы, але іх апынулася мала. У выніку бабуля аддала незнаёмай усе зберажэнні — 1500 рублёў і 300 долараў.
Сын пенсіянеркі, прыехаўшы на абед і пачуўшы гісторыю, зразумеў, што ў бабулі пабывалі махляры і звярнуўся ў міліцыю.
Следчы камітэт просіць дарослых, у якіх пажылыя бацькі, тлумачыць ім правілы камунікацыі з незнаёмцамі па пытаннях перадачы грашовых сродкаў.
На мінулым тыдні ў Берасці асудзілі махляра, які праз тэлефон выманіў у жанчын больш за 10 тысяч долараў — таксама аповедамі пра ДТЗ, у якія нібыта патрапілі іх сваякі.