Па справе «Чорнай кнігі Беларусі» затрымалі былога супрацоўніка МТС з Берасця



Па справе «Чорнай кнігі Беларусі» затрымалі былога спартоўца і супрацоўніка МТС з Берасця. Яго вінавацяць у «зліве даных сілавікоў» падчас працы ў МТС.

Андрэю Цыпаку 29 гадоў, ён з Берасця. У маладосці гуляў у гандбол у гандбольным клубе імя Мяшкова,  быў у складзе клуба, калі ён два сезоны запар выйграваў чэмпіянат Беларусі — у 2014 і 2015 гадах.

У відэа на канале сілавікоў ён кажа, што працаваў у МТС спецыялістам па працы з кліентамі і «меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі», якую нібыта перадаў каналу «Чорная кніга Беларусі».

Выглядае, што затрыманне маладого чалавека — адно з серыі арыштаў, якія сталі магчымымі праз укараненне супрацоўніка ГУБАЗіКа ў ЧКБ і сетку каналаў, звязаных з агенцтвам «Інфапойнт».