Пачаўся суд па справе TUT.ВY (абнаўляецца)
«Зробім усё, каб хлусня не стала ісцінай». Рэдакцыя Zerkalo апублікавала зварот напярэдадні суду над супрацоўнікамі Tut.by.
Больш чым праз паўтара года пасля затрыманьня сёння пачаўся суд над супрацоўнікамі Tut.by: галоўным рэдактарам Марынай Золатавай, гендырэктарам Людмілай Чэкінай, рэдактарам Вольгай Лойкай, журналісткай Аленай Талкачовай і юрыстам Кацярынай Ткачэнкай.
Рэдакцыя партала Zerkalo звярнулася да чытачоў за некалькі гадзін да пачатку працэсу, які праходзіць у закрытым рэжыме.
«Увесь гэты працэс — сюр, які можна назваць фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло.
Для многіх з нас, журналістаў і рэдактараў «Зеркала», справа Tut.by — асабістая. Наша медыя было створана выхадцамі з гэтага парталу. Абвінавачаныя ў справе нашыя былыя калегі для кагосьці і блізкія сябры. Але гэты тэкст не пра асабістае, ён пра ўсіх нас, пра беларусаў.
Для нашай краіны Tut.by быў, без перабольшання, вялікім праектам. Не залежачы ад грошай дзяржавы, разлічваючы толькі на сябе, ён змог стаць месцам, з якога свой дзень пачыналі мільёны беларусаў. Абяцаем рабіць усё, каб у іх не выйшла. Дзеля калег, якіх сёння судзяць, і дзеля будучыні нашай краіны будзем працягваць справу Tut.by — і расказваць, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі.
„Зробім усё, каб хлусня не стала ісцінай”. Адзначаецца ў звароце.
***
У Менскім гарадскім судзе судзяць Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну. Працэс будзе закрытым, суддзя – Валянціна Зянкевіч.

Яшчэ тры фігуранткі справы — Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка, але на судзе іх не будзе, яны за мяжой.

Марыну Золатаву абвінавачваюць па трох артыкулах:
— ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;
— ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб або выклікаўшых цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;
— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Людмілу Чэкіну абвінавачваюць таксама па трох артыкулах КК Беларусі:
— ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;
— ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб або выклікаўшых цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;
— ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя