Пад бокам у ворага



За паўтара гады вялікай вайны ўкраінцы не тое каб прызвычаіліся да яе, але навучыліся прыстасоўвацца жыць у гэтых умовах. І калі на сённяшні дзень за мяжой знаходзяцца каля шасці мільёнаў украінскіх грамадзян, то гэта тыя, хто не вяртаўся ва Украіну з моманту эвакуацыі. У асноўным, гэта гараджане, чамусьці так адбылося, што жыхары вёсак вырашылі застацца дома. На Чарнігаўшчыне ёсць вёскі, якія знаходзяцца ў мінімальнай блізкасці да РФ, і нягледзячы на гэта людзі працягваюць там жыць.

Усё змянілася: гучнейшыя ад спеву пеўняў – гукі выбухаў; у пунктах здароўя – адзін фельчар, ён жа часам і замест лекара, таму што сямейныя лекары ў такія вёскі прыяжджаюць вельмі рэдка; тыя, хто ездзіў на працу ў абласны цэнтр, праз вайну яе страцілі.

Цяпер крыніцы даходу – малако, у каго засталася хатняя жывёла, і летам у лясах ягады і грыбы. Але смельчакоў пайсці ў лес няшмат, таму што на кожным кроку таблічкі з папярэджаннем аб выбухованебяспечных прадметах. А на гук паветранай трывогі жыхары прыгранічных вёсак увогуле не рэагуюць: бамбасховішчаў няма, а ў склепе быць яшчэ больш небяспечна, чым у доме. Пасля дэакупацыі Чарнігаўшчыны, у пачатку красавіка 2022 года, людзі чакалі перасяленцаў з усходніх абласцей. І з горыччу кажуць, што не дачакаліся, хаця былі гатовыя прыняць і дапамагаць.

Але ніхто не захацеў ратавацца ад вайны за дзесяць кіламетраў ад дзяржавы-агрэсара. Да вайны не прызвычаішся, яе не можаш не заўважаць, калі ад кананады закладвае вушы і дрыжыць зямля. А жыхары памежжа імкнуцца ад «суржыка» перайсці на ўкраінскую мову, каб быць як мага далей ад суседа. Нягледзячы на тое, што іх падзяляюць усяго дзесяць кіламетраў.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя