Пад Кіевам верталёт упаў на тэрыторыю дзіцячага садку. Загінула кіраўніцтва МУС Украіны
Служба бяспекі Украіны разглядае тры асноўныя версіі прычыны падзення верталёта ў жылым квартале:
— парушэнне правілаў палёту;
— тэхнічная няспраўнасць верталёта;
— наўмысныя дзеянні па знішчэнні транспартнага сродку.
У СБУ ўдакладнілі колькасць загінулых у выніку катастрофы — 16 чалавек, у тым ліку — трое дзяцей.
Раней паведамлялася пра 18 загінулых, але гэта колькасць не пацверджана.
***
У час трагедыі ў садку былі дзеці і супрацоўнікі ўстановы. Пасля здарэння ўсіх эвакуявалі. На месцы падзення сталі працаваць хуткія, паліцыя і пажарныя.

Спікер паліцыі Кіеўшчыны Ірына Пранішнікава паведаміла, што ёсць загінулыя. Пакуль паведамляецца пра 15 загінулых. Дакладная колькасць ахвяр трагедыі высвятляецца.
Дзевяць чалавек было на борце, паведаміў кіраўнік вобласці Кліменка. Усе яны загінулі. Сярод загінулых — міністр унутраных спраў, першы намеснік міністра і дзяржаўны сакратар.
25 чалавекі шпіталізаваныя, дзесяць з іх — дзеці.

У эфіры тэлемарафона прадстаўнік Паветраных сіл УСУ паведаміў, што ў катастрофе ў Браварах загінула кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Украіны. Сярод загінулых міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі, яго першы намеснік Яўген Енін, дзяржаўны сакратар МУС Юрый Лубковіч, іх памочнікі, экіпаж верталёта.
Верталёт выконваў задачы Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях.
Сведкі катастрофы верталёту расказалі, што па гуку думалі, што ляціць дрон, але потым пабачылі, што верталёт загарэўся яшчэ ў паветры і толькі пасля ўпаў. Пры падзенні ён зачапіў дзіцячы садок.




