Паліну Шарэнду-Панасюк збілі ў Зарэчанскай калоніі
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была моцна збіта ў Зарэчанскай калоніі перад этапам. Да яе ці яе змясцілі ў камеру, дзе падсадныя зэчкі страшна збілі Паліну. Былі нанесены такія траўмы, што спатрэбілася лячэнне ў санчастцы. 22 чэрвеня ў СІЗА-1 на Валадарцы, куды этапавалі Паліну для змяшчэння яе ў «Навінкі» для псіхэкспертызы, шматлікія сінякі яшчэ не сышлі з твару, быў перабіты нос, – кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:
– Зразумела, што гэта ўсё робіцца па загаду адміністрацыі калоніі. Зразумела, што з лёгкімі траўмамі ў санчастку не змяшчаюць, гэта павінны быць сур’ёзныя траўмы, якія маглі б пагражаць жыццю і здароўю. Таксама як раз у гэты час з Палінай знікла сувязь. Гэта працягвалася больш трох тыдняў. Мы думалі, што ўвесь гэты час Паліна знаходзілася на этапах. Хутчэй за ўсё нейкі час з гэтых трох тыдняў Паліна знаходзілася ў санчастцы. Гэта значыць, што адміністрацыя калоніі прыводзіла Паліну «ў парадак» для этапавання.

Паводле Андрэя Шарэнды, Паліну мораць голадам, холадам, не даюць неабходных лекаў, а цяпер адміністрацыя Зарэчанскай калоніі пайшла на беспрэцэдэнтны крок адносна Паліны.
Андрэй Шарэнда ўпэўнены, што Паліна пастаўлена на ліквідацыю. І ёй патрабуецца міжнародная дапамога, пакуль не здарылася тое, што з Алесем Пушкіным.
Беларускае Радыё Рацыя