Палітвязень Ігар Лосік працуе шэсць дзён у тыдзень і атрымлівае лекі
Палітвязень Ігар Лосік з калоніі двойчы пагаварыў па тэлефоне са сваёй жонкай Дар’яй. Яму дазволена гаварыць па тэлефоне пяць хвілін раз у два тыдні – расказала Дар’я выданню Intex-press. Дар’я перажывае за здароўе мужа, які пакутуе ад павышанага ціску, але Ігар запэўнівае, што рэгулярна атрымлівае ўсе неабходныя прэпараты. Лісты ад яго жонка атрымлівае па 3-4 у тыдзень. Сам Лосік атрымлівае лісты толькі ад сваякоў, адказваць на іх ён можа толькі па нядзелях. Вечарам пасля працы ў яго мала часу, а працуе ён шэсць дзён у тыдзень.

Ігар Лосік быў асуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, а таксама арганізацыі масавых беспарадкаў. Лосік адбывае пакаранне ў калоніі №1 у Наваполацку. Там яго паставілі на ўлік як схільнага да суіцыду і экстрэмізму.
reform.by