Палітвязень Віктар Лосік зарабляе ў калоніі 27 капеек у месяц
Віктар Лосік паведаміў пра свой заробак ў сваім апошнім лісце, перадаюць праваабаронцы. Хлопец працягвае наведваць літаратурны клуб, гурток па шахматах і ўдзельнічае ў „Гульнях розуму”. Нядаўна яму дазволілі працяглае спатканне, і два дні Віктар правёў з сям’ёй. „Атаварку” Лосіку зменшылі да 2 базавых велічыняў, бо ў калонію былі накіраваныя пазовы па яго справе. Лісты да яго даходзяць толькі ад сваякоў. Але Віктар піша, што ў калоніі працуе „Радыё Віцебск”, праз якое яму можна перадаваць прывітанні.
Лосік быў удзельнікам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, а потым удзельнічаў у працы аб’яднаных штабоў. Затрымалі яго ў снежні 2020 года за тое, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання. Таксама яго прызналі вінаватым у нанясенні выяваў з гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах маста. Віктар Лосік жанаты, у яго двое дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя