Палітвязня Арцёма Анішчука не выпусцілі на волю, а пачалі новую справу



Палітвязень Арцём Анішчук мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, але на яго пачалі новую крымінальную справу, паведамляюць праваабаронцы.

Анішчук — фігурант па справе „пяцёркі, якая пашкодзіла машыну міліцыянта Аляксандра Гейца”. Ён быў асуджаны на два гады. Палітвязень паведамляў пра катаванні ў магілёўскай калоніі і пра ціск у бабруйскай.

Цяпер на яго пачалі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса: Арцёма вінавацяць у „абразе міліцыянта” ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года. Справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Новая справа нібыта была пачатая 27 снежня, але падазраваным па ёй Анішчук стаў толькі сёлета 20 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя