Палітзняволеную Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расеі, асудзілі да 12 гадоў калоніі
Суд над Янай распачаўся 10 красавіка ў Менгарсудзе. Дзяўчыну ў жніўні 2022-га этапавалі з Расеі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Цяпер яе абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — у «стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй». Справу разглядалі два месяцы ў закрытым рэжыме.

Паводле матэрыялаў следства, «Пінчук больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту». Таксама паведамляецца, што Яна праходзіла па тром эпізодам, у тым ліку «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі і кіраўніцтва незаконным фармаваннем».
Суддзя Таццяна Фалькоўская 6 чэрвеня прызначыла палітзняволенай 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму, піша @freeyana.