Памерла беларуская антысавецкая падпольшчыца Леакадзія Шышэя



У Літве ў веку 95 гадоў памерла ўдзельніца беларускага пасляваеннага супраціву Леакадзія Шышэя.

Пра гэта паведаміла актывістка беларускай грамады ў Літве Людвіка Кардзіс.

Леакадзія Шышэя (у дзявоцтве Кавальчук) нарадзілася 1 чэрвеня 1928 года. У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі.

У сярэдзіне 1947 года «Чайка» была выкрытая, а Леакадзія — арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі. Утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Затым была асуджаная на тэрмін 8,5 гадоў. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

У 1954 годзе вызвалілася з канцлагераў. Пасля вызвалення Леакадзія Шышэя разам са сваім мужам Кастусём Шышэем прыехала ў Вільню, дзе і жыла да канца жыцця. Узнагароджаная медалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.