Памерла Лёля Міхалюк
16 кастрычніка ў лепшы свет пайшла спадарыня Алена (Лёля) Міхалюк (15.05.1930–16.10.2022), славутая дзяячка беларускай дыяспары, сябра Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі з 1947 года і старшыня гэтай арганізацыі ў 1997–2013 гадах, сябра Рады БНР і Англа-Беларускага таварыства, ганаровы сябра Рады Супольнасці беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Жыццёвы шлях спадарыні Лёлі Міхалюк быў гэтак шчыльна знітаваны з лёсам беларускай грамады ў Вялікабрытаніі, ад самых вытокаў і першых выдавецкіх спробаў сябраў ЗБВБ да набыцця супольнай нерухомасці і арганізацыі працы беларускай школы-інтэрнату імя Св. Кірылы Тураўскага, што айцец Аляксандр Надсан называў яе «добрай маці для ўсіх брытанскіх беларусаў». Нястомнасць і мудрасць спадарыні Лёлі самым істотным чынам паўплывалі на тое, што дыяспара Вялікабрытаніі зрабілася адной з наймацнейшых.
Лёля (Алена) Міхалюк (Марцінкевіч) нарадзілася ў 1930 годзе ў вёсцы Лонскія цяперашняга Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, піша «Новы час». Падчас ІІ сусветнай вайны яе вывезлі на працы ў Нямеччыну, па вайне яна была ў лагеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі і была актывісткаю скаўцкага беларускага руху.
Яе сям’я вырашыла не вяртацца ў СССР і пераехала ў Вялікабрытанію, там у 1947 годзе Лёля Міхалюк далучылася да Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі.
У 1965-1970 гадах яна працавала ў беларускай школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага ў Лондане, падтрымлівала Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, брала ўдзел у працы Ангельска-беларускага таварыства, была сябрам рады Беларускага дабрачыннага фонду ў Брытаніі.
Яе выбралі сябрам Рады БНР у 1982 годзе, у 1997 годзе яна стала старшынёй ЗБВБ, заставалася ганаровым (нязменным) сябрам Управы Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі пасля сыходу з пасады ў 2013 годзе.
