Памёр Міхаіл Гарбачоў

Ён быў апошнім генеральным сакратаром ЦК КПСС і першым ды адзіным прэзідэнтам СССР. Тэрмін яго паўнамоцтваў на гэтай пасадзе быў з 15 сакавіка 1990 года да 25 снежня 1991 года.
Гарбачову быў 91 год, з кіраўнікоў савецкай дзяржавы ніхто не дажываў да такога сталага веку.
Гарбачоў — апошні генеральны сакратар ЦК кампартыі Савецкага Саюза (1985 — 1991). Падчас яго кіравання краінай ў ёй адбыліся сур’ёзныя змены, была спроба яе рэфармавання. У СССР з’явіліся „галоснасць” і „свабода слова”. Пры Міхаілу Гарбачову скончылася халодная вайна, аб’ядналася Германія, савецкія войскі выйшлі з Афганістана, Усходняя Еўропа нарэшце вызвалілася ад дыктату Масквы. Падчас яго кіравання здарыўся Чарнобыль і замоўчвалася праўда пра яго. Сыход у адстаўку Гарбачова адбыўся ў канцы 1991-га пасля падпісання гістарычных пагадненняў у Віскулях. Тады былыя савецкія рэспублікі, а сярод іх і Беларусь, сталі незалежнымі дзяржавамі.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Міхаіл Гарбачоў памёр у маскоўскай Цэнтральнай клінічнай бальніцы пасля цяжкай працяглай хваробы. Яго пахаваюць на Новадзявочых могілках побач з яго жонкай Раісай.