Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы за словы падтрымкі Украіне затрымалі расейца



Сілавікі пахваліліся затрыманнем грамадзяніна Расеі, які жыве ў Лагойску. Ім у гэтым дапамог сумна вядомы правакатар з Мазыра Юрый Комар, пасля размоў з якім затрымалі не адзін дзясятак чалавек, піша reform.by.

Падчас размовы ён прывітаў Комара воклічам „Слава Украіне!”, а таксама расказаў, што падтрымлівае Украіну „ўсімі рукамі і нагамі, і целам, і душой”, выказаўся пра Пуціна і Лукашэнку. Лукашысты сцвярджаюць, што мужчынам ужо цікавіліся органы дэпартамента па міграцыі і пасля пакарання ён будзе дэпартаваны. Імя мужчыны не называецца.

Пра дзейнасць Юрыя Комара стала вядома на пачатку гэтага года. Пасля публікацый пра яго садзейнічанне рэпрэсіўным органам рэжыму Лукашэнкі ён страціў працу дальнабойніка ў Польшчы.