Паўтара года „хатняй хіміі” – за плакат і „знак „V” пальцамі рук”
Cуд Ленінскага раёну Менску агучыў прысуд 33-гадоваму Аляксандру Дзербінскаму, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).

Вырак: паўтара года „хатняй хіміі”, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Паводле матэрыялаў справы, Аляксандр Дзербінскі „у жніўні 2020 года браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Менску: публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі, дэманстраваў у якасці пратэставага сімвалу жэст „V” пальцамі рук, выкарыстоўваў у якасці сімволікі плакат з тэкстам пратэставага зместу».
Па інфармацыі праваабаронцаў, мужчына нёс падчас шэсця плакат з патрабаваннямі работнікаў заводу.
Справу разбірала суддзя Анастасія Ачалава. Яна прызнала Аляксандра Дзербінскага вінаватым у злачынстве паводле ч. 1 арт. 342 КК і пакарала яго абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў („хатняя хімія”).
Мужчына быў вызвалены з-пад варты ў залі суду, піша „Вясна”.