Ператрусы ў Гародні ў прадстаўнікоў Саюза палякаў



Прадстаўнік Пераслед актывістаў Саюза палякаў у Беларусі. Сёння з раніцай у офіс арганізацыі ў Гародні па вуліцы Будзёнага прыйшлі з ператрусам.

Таксама вядома, што на сувязь не выходзяць некалькі актывістаў Саюза палякаў, у тым ліку старшыня Галоўнай Рады СПБ Ірэна Валюсь і віцэ-старшыні Рэната Дземянчук. На старонцы Генеральнай пракуратуры з’явілася інфармацыя, што пачатая новая крымінальная справа паводле артыкула 193 за дзейнасць ад імя  незарэгістраванай арганізацыі. Кажа віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі – Марэк Занеўскі:

– Адбываюцца ператрусы ў кіраўніцтва Саюза палякаў, у кіраўніка Рады Ірэны Валюсь, у намесніка старшыні Рэнаты Дзем’янчук. Таксама ператрус адбываецца ў офісе Саюза палякаў на вуліцы Будзёнага. Ну і яшчэ некалькі дзеячаў арганізацыі не выходзяць на сувязь.

Пераслед Саюза палякаў у Беларусі набыў асабліва маштабны характар у 2020 годзе. На гэты момант старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс знаходзіцца пад падпіскай, актывіст і журналіст  Анджэй Пачобут ужо 20 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА. Борыс і Пачобут прызнаныя палітычнымі вязнямі, і праходзяць па крымінальных артыкулах.

Марэк Занеўскі кажа, што заўсёды, калі адносіны Беларусі і Польшчы набывалі негатыўны характар, польская меншасць адчувала гэта першай:

Заўсёды, калі пагаршаліся адносіны паміж Польшчай і Беларуссю, то першы, хто гэта адчуваў, гэта была польская меншасць у Беларусі. Заўсёды першы ўдар прыходзіўся менавіта на польскую меншасць. Цяперашняя сітуацыя гэта яшчэ раз пацвярджае вядома, што чым горшыя будуць адносіны паміж краінамі, тым горай будзе палякам, якія жывуць у Беларусі.

Марэк Занеўскі дадае, што цяпер галоўнае – сабраць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Гародні, арганізаваць дапамогу адвакатаў, а таксама важна пашыраць інфармацыю пра пераслед прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі.

Беларускае Радыё Рацыя