Польскі дэзерцір Эміль Чэчка знойдзены мёртвым у Менску



Следчы камітэт Беларусі паведамляе пра смерць салдата Эміля Чэчкі, які ўцёк з Польшчы. Яго знайшлі павешаным па месцы пражывання ў Менску. Паведамленне аб гэтым паступіла сёння, 17 сакавіка.

На месца прыбыла следча-аператыўная група. Праводзіцца агляд, фіксуецца следавая карціна, забіраюцца аб’екты, якія маюць значэнне для следства. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.

СК разглядае магчымыя версіі здарэння, у тым ліку гвалтоўны характар ​​смерці.

Нагадаем, Чэчка перайшоў на тэрыторыю Беларусі і даў мноства інтэрв’ю, дзе распавёў, што польскія памежнікі нібыта расстрэльвалі прама на мяжы і многіх мігрантаў, і валанцёраў, якія дапамагалі ім, і сам ён таксама нібыта здзяйсняў такія забойствы (МУС Польшчы гэта абвергла). У Польшчы Чэчка асуджаны па крымінальным артыкуле за здзекі і фізічны гвалт над маці. 21 снежня Чэчку былі афіцыйна прад’яўлены абвінавачанні ў дэзерцірстве пры абцяжваючых абставінах. Яму пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі.