Польскі добраахвотніцкі корпус браў удзел у аперацыі ў Белгародскай вобласці



Польскі добраахвотніцкі корпус заявіў, што ягоныя байцы ўдзельнічалі ў аперацыі на тэрыторыі Белгародскай вобласці разам з Рускім добраахвотніцкім корпусам. Байцы апошняга пацвердзілі гэтую інфармацыю.

«Нас звязваюць не толькі повязі братэрства па зброі, але і асабістае сяброўства і таварыства», — сказана ў паведамленні польскіх вайскоўцаў. У доказ ваяры апублікавалі шэраг відэа з аперацыі, па іхніх словах, з тэрыторыі Белгародскай вобласці ў прыгарадзе Шабекіна, паведамляе «Белсат». Паведамляецца, што ў бой уступіла першая штурмавая група корпуса. Усе вярнуліся цэлымі, ніхто не пацярпеў, пастаўленая задача паспяхова выканана. Таксама звяртаецца ўвага, што яны першымі разам з адной з баявых груп дасягнулі месца прызначэння.

Інфармацыя аб удзеле польскіх вайскоўцаў у аперацыі была спецыяльна апублікавана з вялікай затрымкай з меркаванняў бяспекі, паведамляюць байцы.

Паведамленне аб тым, што ва Украіне пачаў выконваць баявыя заданні Польскі добраахвотніцкі корпус, з’явілася 10 траўня. Тады сцвярджалася, што першае заданне ПДК выканаў каля Арэхава на запарожскім кірунку. Страт пры гэтым корпус не панёс. Частка байцоў Польскага добраахвотніцкага корпуса таксама бярэ ўдзел у баях каля Бахмута.

Беларускае Радыё Рацыя