Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве могуць дэмантаваць
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш у 2003 годзе ўсталявалі на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве. Дазвол і бласлаўленне на гэта даваў сам мітрапаліт Філарэт.

Знесці яго “без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці” папрасіла праўладная актывістка Вольга Бондарава. Яна лічыць, што помнік парушае Закон РБ “аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”. Нібыта помнік прыносіць “невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў”.
Як піша Hrodna.life, прыбраць помнік ужо пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намесніца старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.
Ларыса Геніюш – беларуская паэтка, грамадская дзяячка, патрыётка, вязень сталінскіх лагераў. Пасля вызвалення пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве, дзе і пахаваная.
Беларускае Радыё Рацыя