Пра дармаедскі раён



У Браслаўскім раёне налічваецца больш за 2,5 тысячы чалавек, уключаных у базу працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы.

Ці, як гавораць чыноўнікі, дармаедаў. 2,5 тысячы – гэта 10% насельніцтва, бо ў раёне пражывае 25,5 тысяч чалавек разам з пенсіянерамі і дзецьмі. То бок, калі ўлічыць, што гаворка ідзе пра працаздольнае насельніцтва, то так званых дармаедаў нашмат болей. Проста не раён, а нейкая мясцовасць, дзе сканцэнтраваныя дармаеды. Проста нейкі паранармальны раён, дзе людзі не хочуць быць занятыя ў эканоміцы.

А ўвогуле, калі паглядзець на гэтае пытанне з іншага боку, то 10% дармаедаў сапраўды можна налічыць у Браслаўскім раёне. І не толькі там. Толькі варта падкарэктаваць метадалогію падліку. І тады акажацца, што сапраўдныя дармаеды афіцыйна працуюць у розных адміністрацыях раёнаў, сілавых структурах, ідэалагічных аддзелах, афіцыйных прафсаюзах і праўладных арганізацыях. Менавіта розных чыноўнікаў, ідэолагаў, сілавікоў можна смела назваць дармаедамі. А вось грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы ў Браслаўскім раёне, могуць мець на гэта самыя розныя прычыны. Зрэшты, гэта іх справа: працаваць ці не. І дармаедамі яны ад гэтага не становяцца.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя