Пра галоўную памылку



На гары Дзяржынскай адкрылі новы архітэктурны знак “Сцяг Радзімы”.

Фота: «Мінская праўда»

Гэтае архітэктурнае “вынаходніцтва” характарызуецца дзвюма адметнымі рысамі: безгустоўнасцю і памылкамі. Новая архітэктурная форма называецца “Сцяг Радзімы”, хаця яна хутчэй з’яўляецца сцягам безгустоўнасці. Нават не маючы адмысловай адукацыі, можна зразумець, наколькі гэта страшная канструкцыя. Нават альтанкі ад гомельскага завода “Цэнтраліт” і тое лепей.

У дадатак да безгустоўнасці архітэктурны знак зроблены з памылкамі. Ну, няхай архітэктара ўзялі ідэалагічна выверанага, але на памылкі б маглі ўжо даць праверыць філолагам. На знаку напісана “Сцяг Радзімы. 345м. Вышэйшая кропка Беларусі”. Усё. І вось у гэтых нешматлікіх сказах можна знайсці ажно дзве памылкі. Па-першае, з выкарыстаннем ступеняў параўнання прыметнікаў. Хацелася б нагадаць тым, хто ўсталёўваў знак, правілы са школьнай праграмы. А менавіта: вышэйшая ступень параўнання прыметнікаў абавязкова ўжываецца з аб’ектам параўнання. То бок калі ўжо напісалі слова “вышэйшая”, то трэба было дапісаць: вышэйшая за іншыя, вышэйшая, чым іншыя. А вось у выпадку самай высокай ці самай нізкай якасці прадмета без праўнання з іншымі выкарыстоўваецца найвышэйшая ступень прыметнікаў. І гэта адрозненне беларускай мовы ад рускай мовы. Мы гаворым: 10 найлепшых фільмаў, найстаражытнейшая пабудова, найпрыгажэйшыя мясціны. Таксама ў архітэктурным знаку няправільна выкарыстанае слова “кропка”. Бо кропка – гэта графічны знак: кропка, кропка з коскай. А ўсё астатняе – гэта пункт: пункт гледжання, пункт Кюры, пункт вектарнай рашоткі. А таму правільны надпіс на дадзенай архітэктурнай форме мусіў гучаць так: найвышэйшы пункт Беларусі. Але самая галоўная пмылка – гэта назва гары, на якой усталявалі знак. Назву Дзяржынская даўно трэба перайменаваць на ранейшую: Святую гару. 

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя