Пра назад у Савецкі саюз



У беларускіх чыноўнікаў густу становіцца ўсё меней. Максімум, што яны цяпер могуць, – гэта даставаць з нафталіну спевакоў ці персанажаў. У Гародні на 9 траўня будзе спяваць Газманаў.

Да сумнеўных вакальных дадзеных савецкага выканаўцы “Есаула” дадаюцца сумнеўныя маральныя якасці. Алег Газманаў з’яўляецца прыхільнікам расейскай агрэсіі ва Украіне. Еўрасаюз увёў персанальныя санкцыі ў дачыненні да Газманава ў сувязі з ягонай падтрымкай уварвання Расеі ва Украіну. І вось гэты нерукапаціскны выканаўца зачасціў у Беларусь. Тое ў Гомелі выступае на дзень горада. Вось цяпер едзе ў Гародню, каб выступіць на 9 мая на канцэрце. У ўзімку ён збіраўся ўзяць аўтамат у рукі, каб ехаць на вайну. Але пакуль раз’язджае па канцэртах у Беларусі. Яно і зразумела: гэта ж больш бяспечна.

У Крычаве Газманава пакуль няма, але ёсць іншыя безгустоўныя ініцыятывы. Туды прывезлі васковыя фігуры правадыроў Савецкага саюза. А побач паставілі розныя каруселі са слонікамі і машынкамі для дзяцей. Прывезлі забаўляльны комплекс з Расеі. Выглядае гэта ўсё, як у нейкім дэпрэсіўным фільме пра Савецкі саюз. Радасці ад сузірання гэтага імперскага псеўдашчасця ў выглядзе васковых фігур дыктатараў Сталіна і Пуціна малавата. Але і мясцовыя ўлады, як бачна, нічога супраць не маюць. Бо ўся гэтая безгустоўшчына будзе ў Крычаве працаваць увесь май.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя