Пра тралейбусы для Кастрамы
Часам складваецца такое ўражанне, што расейскі народ успрымае саміведаецекаго не як звычайнага чалавека, якога ўсяго толькі абралі кіраўніком і тое, вельмі даўно. А ўспрымаюць яго як нейкае бажаство, да якога трэба звяртацца з просьбай. І тады, можа, будзе шчасце. Ну, накшталт як раней звярталіся да багоў, каб пайшоў дождж ці быў добры ўраджай. Як гэта яшчэ нейкія ахвяры не прыносяць у падарунак.
Нядаўна жыхары Кастрамы звярнуліся да саміведаецекаго з небанальнай просьбай. Не, іх не хвалююць палітвязні ані ў нашай, ані ў сваёй краіне, ані вайна. Яны папрасілі вярнуць у іх горад тралейбусы. Вось яны не здагадаліся ў дадатак яшчэ які рытуальны танец выканаць. Каб ужо дакладна тралейбусы прыехалі. Спачатку жыхары Кастрамы распавялі, як цудоўна жыць на беларускім Парнасе. Маўляў, там ўсё для людзей: і заводы працуюць, і тралейбусы ездзяць. Сапраўды, трактар жа саміведаецехто падарыў ужо аднойчы Пуціну. Няхай цяпер падкіне некалькі тралейбусаў жыхарам Кастрамы. А разам з тралейбусамі няхай бы сам з’ехаў са сваімі сілавікамі. Будзе такі падарунак Кастраме ад беларускага народу. І саюзнай дзяржавы ўзамен за гэта аніякай не трэба.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя