Пра забароненыя гімны
У Беларусі пікетаваннем могуць палічыць усё, што заўгодна: і плясканне ў далоні, і маўчанне, і нават выкананне афіцыйнага гімна іншай краіны. У Берасці асудзілі мужчыну за тое, што ён праспяваў гімн Украіны. Заўважце, не “Марш украінскіх нацыяналістаў”, а афіцыйны гімн Украіны.
-

Фота: ru.espreso.tv
Падаецца, Беларусь не разарвала пакуль дыпламатычныя стасункі з Украінай. Аднак беларуса асудзілі на 7 сутак за тое, што праспяваў гімн суседняй краіны ў караоке. Да таго, што могуць затрымаць за папулярныя пратэстныя песні 2020-га года, усе ўжо прызвычаіліся. А таму публічна ў Беларусі не спяваюць ані “Перамен” Цоя, ані “Муры” Качмарскага. Аднак атрымаць 7 сутак за афіцыйны гімн іншай краіны – гэта штосьці новае ад уладаў Беларусі. Цікава, а ці ёсць дакумент, дзе прапісана, гімны якіх краін можна спяваць, а якіх не.
Як паведамляюць СМІ, берасцеец пачаў спяваць гімн Украіны, бо нейкі грамадзянін Расеі прасіў не спяваць украінскія песні. То бок уяўляецце, грамадзянін іншай краіны казаў беларусу, што можна спяваць, а што не. Той расеец, відаць, не ведае прымаўку, што ў чужой бажніцы свечкі не папраўляюць. Беларус на просьбы расейца не спяваць украінскія песні адказаў гімнам Украіны і яшчэ сказаў, каб той з’язджаў з Беларусі. І ўся гэтая гісторыя скончылася кепска для беларуса, які анічога кепскага не рабіў.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя