Праект “Маланка Медыя” залічаны ў экстрэмісцкія фармаванні
Паводле рашэння МУС ад 15 лютага рэдакцыя “Маланка” прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем, бо журналісты нібыта заклікалі публічна да санкцый і займаліся “арганізацыяй дзейнасці для падрыхтоўкі здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь”.

“Для нас гэтае прызнанне – адзнака якасці нашай працы”, – каментуе заснавальнік праекту Павел Марыніч:
–Мы ўсе з задавальненнем гэтую інфармацыю прынялі, бо гэта такі медаль за нашую працу ў змаганні з гэтым рэжымам і акупацыйнай уладай у Беларусі. Усе незалежныя медыя і ўсе, хто робіць сваю справу сумленна, яны ўжо даўно маюць такі “экстрэмісцкі” знак. Гэта ўсё выклікае толькі гонар за маю каманду, якая працуе ўсе гэтыя гады для Беларусі. Мы яшчэ сумленней будзем працаваць, каб хутчэй прыйшлі змены ў нашу краіну, і каб мы змаглі хутчэй вярнуцца і будаваць дэмакратычную, еўрапейскую краіну.
РР: Некалькі словаў пра сам праект “Маланка”, які паўстаў на фоне падзей 2020 года.
Павел Марыніч: Ён паўстаў з той ініцыятывы, якой я кіраваў, – гэта “Зубр”. Мы рабілі назіранне і вынікі нашай працы – гэта тое, што сёння Лукашэнку ні ў адной цывілізаванай краіне не лічаць прэзідэнтам. І ва ўсім свеце ён лічыцца дыктатарм і чалавекам, які захапіў уладу. Пасля таго, як мы пачалі працу з “Зубрам”, мы вырашылі, што мы будзем у прамым эфіры гадзіну паказваць беларусам, як крадуць іхныя галасы. Мы сабралі ўсе парушэнні, якія дасылалі людзі, усё гэта ёсць у адкрытым доступе. І амаль два месяцы працавалі па гадзіне ў прамым эфіры. Ужо тады ў мяне было разуменне, што ў Беларусі не застанецца ніводнага СМІ, яны будуць усе знішчаны і будуць вымушаны ўцякаць з краіны. І я вырашыў тады стварыць новае медыя. І 22 кастрычніка мы ўпершыню выйшлі ў эфір як “Маланка”. Зараз мы ўжо разрасліся ў такі медыя-холдынг, дзе ёсць чатыры каналы: “Маланка-медыя”, “Маланка-лайф”, “Дзіцячы канал” і “Жаночы канал”. У нас таксама ёсць сайт.
РР: Вы надалей арыентуецеся на гледачоў і слухачоў з Беларусі?
Павел Марыніч: Канешне, мы працуем для беларусаў і на Беларусь. На тыя змены, якія павінны ў хуткім часе, я спадзяюся, адбыцца ў нашай краіне.
Цяпер дзейнасць “Маланкі” забароненая на тэрыторыі Беларусі, а ўдзельнікі праекту і асобы, якія перадаюць звесткі рэдакцыі, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання і могуць панесці крымінальную адказнасць. Праект “Маланка” паўстаў на фоне падзей у Беларусі 2020 года.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя