Пракурор просіць прызначыць палітзняволенай Юліі Лаптановіч 5 гадоў калоніі



Гарадзенски абласны суд 4 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу актывісткі з Пружанаў Юліі Лаптановіч.

Судовы працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па „справе карагодаў”. Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі „хатнюю хімію”. Праз некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе. Цяпер палітзняволеную, якую ўтрымліваюць за кратамі ўжо дзевяць месяцаў, абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пракурор просіць пакараць шматдзетную маці пяццю гадамі калоніі і штрафам у памеры 3 200 рублёў. Прысуд будзе агучаны 18 ліпеня.

Юлія і Ігар Лаптановічы — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Берасці па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. У палітзняволенай за час зняволення ў СІЗА №7 выявіўся апендыцыт. Жанчыне зрабілі аперацыю і цяпер яе стан добры.

Вядома, што ад Юліі не дайшло ні аднаго ліста з моманту, як жанчыну этапавалі ў гарадзенскую турму.

spring96.org