Пратасевічу, Пуцілу і Рудзіку інкрымінуецца не менш за 1586 злачынстваў
Менскі абласны суд разглядае справу кіраўнікоў тэлеграм-канала Nexta ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча.

Рудзік і Пуціла знаходзяцца за мяжой. Раман Пратасевіч у зале пасяджэнняў, ён пад хатнім арыштам. Пратасевіч прызнаў віну ў поўным аб’ёме.
БелТА паведамляе, што абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1586 злачынстваў. Што менавіта лічыцца злачынствамі, БелТА не ўдакладняе.
Падсудныя абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, закліках да санкцый у дачыненні да Беларусі, стварэнні або кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем і іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах. Акрамя таго, усім траім прад’яўленае абвінавачванне ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
Як заявіў дзяржаўны абвінаваўца, Пуціла, Рудзік і Пратасевіч, апроч іншага, былі датычныя да распрацоўкі плана па перадачы дзяржаўнай улады Святлане Ціханоўскай.