Праваабаронца Алесь Рамановіч звярнуўся ў пракуратуру



Праваабаронца з Пінску Алесь Рамановіч звярнуўся ў пракуратуру, каб у ведамстве праверылі наколькі правамерным з’яўляецца рашэнне пінскай суддзі. Герб “Пагоню” суддзя назвала “сімвалам пратэстаў-2020 года” і пакарала праваабаронцу штрафам на 3800 рублёў за тое, што падчас прагулкі па гістарычным цэнтры ў яго на куртцы быў нагрудны значок з выяваю герба. Маўляў, такім чынам ён зладзіў несанкцыянаваны пікет.   

Алесь Рамановіч гаворыць, што ў звароце грунтоўна акрэсліў сваю пазіцыю:

–  Усе довады свае прывёў, што “Пагоня” не з’яўляецца нейкім забароненым сімвалам, што яна выкарыстоўваецца і ў сучаснай геральдыцы, што яна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пералічыў тыя парушэнні, якія дапусціла суддзя, таму што яна мне адмовіла ў апытанні сведкаў. Адмовіла на той падставе, што я не скарджуся на само затрыманне.

Праваабаронца дадае, што ўся гэтая справа цалкам фармальная і галоўная мэта, прымусіць яго пакінуць актыўную грамадскую дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя