Праваабаронцы дамагаюцца вынятку з КК артыкула аб „непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі”
Праваабарончы цэнтр „Вясна” пры пасрэдніцтве спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн дамагаецца вынятку з Крымінальнага кодэкса Беларусі артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
„Зварот юрыстаў ПЦ „Вясна“ да спецыяльнага дакладчыка ў пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ўжо зарэгістраваны. Далей спецдакладчык можа накіраваць зварот да ўраду Беларусі з просьбай растлумачыць сітуацыю з арт. 411 КК”, — гаворыцца ў паведамленні на праваабарончым сайце spring96.org.
Праваабаронцы лічаць, што прыцягненне да адказнасці па гэтым артыкуле „парушае права чалавека на асабістую свабоду і права не быць судзімым або пакараным двойчы”.
Юрысты таксама канстатуюць, што згаданы артыкул часта выкарыстоўваецца для „ўзмацнення ціску на палітвязняў”.
Беларускае Радыё Рацыя