Праваабаронцы прызналі „былымі палітвязнямі” адразу 150 чалавек
Праваабарончая супольнасць Беларусі 18 верасня прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 150 чалавек, асуджаных за ўдзел у паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статусу палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус “былых палітвязняў”.
У Праваабарончы цэнтр „Вясна” усё часцей сталі звяртацца людзі, якія не былі ў свой час прызнаныя палітычнымі зняволенымі, аднак знаходзіліся ў месцах несвабоды па палітычных прычынах. Прычына такой сітуацыі ў тым, што пра зняволеных не хацелі паведамляць іх блізкія. Цяпер гэтыя людзі звяртаюцца да праваабаронцаў і просяць унесці іх у спісы рэпрэсаваных, каб факт іх пераследу быў афіцыйна зафіксаваны праваабаронцамі.