Прысуд для пенсіянеркі з Пінска за словы на адрас Лукашэнкі



Праваабаронцам стала вядома, што 16 лютага ў судзе Пінску і Пінскага раёна вынеслі прысуд 62-гадовай Наталлі Паўлючэнцы. Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) і асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняй хіміі), піша Вясна. Справу разглядаў суддзя Андрэй Бычыла.

Жанчыну затрымалі ў снежні 2022 года. Да суду яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе, а пасля затрымання правяла трое сутак у Пінскім ІЧУ.

Наталлю Паўлючэнку асудзілі за каментар у сацсетцы “Аднакласнікі” 17 сакавіка 2021 года на адрас Лукашэнкі пад навіной пра памерлага ў пінскай лякарні пацыента. Каментар прызналі наўмыснай публічнай абразай Лукашэнкі. На судзе Наталля Паўлючэнка не прызнала віну.

Беларускае Радыё Рацыя