Прысуджаны «тройкай» НКВД да расстрэлу



6 красавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, педагога, мемуарыста Язэпа Гаўрыліка (1893-1937).

Язэп Гаўрылік з’яўляўся заснавальнікам Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, актыўным дзеячам Таварыства беларускай школы, паслом у сойм Другой Рэчы Паспалітай, кіраўніком Беларускага сялянска-пасольскага клубу “Змаганне”.

Родам Язэп Гаўрылік быў з Вілейшчыны. У 1914 годзе скончыў Барунскую настаўніцкую семінарыю. У траўні 1930 года без яго згоды залічылі ў КПЗБ. Але ў 1931 годзе беларус быў пазбаўлены пасольскага імунітэту і асуджаны на 9,5 гадоў турмы. У 1932 годзе абменены на палітычных вязняў з СССР. Жыў у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР.

Здавалася, што жыццё наладжвалася, але 1 верасня 1933 года Язэпа Гаўрыліка арыштавалі па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. А 9 студзеня 1934 года, паводле пастановы судовай калегіі ОГПУ, Язэп Гаўрылік быў прысуджаны да расстрэлу. Але гэты прысуд замянілі на 10 гадоў ссылкі. Яго накіравалі на Салаўкі і на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу.

21 лістапада 1937 года «тройкай» НКВД Ленінградзкай вобласці  наш зямляк усё ж быў асуджаны да расстрэлу. Яго рэабілітавалі па абодвух прысудах толькі ў 1956 годзе.

Плакат з фотаздымкамі дэпутатаў фракцыі Змаганне, 1930 г.

Беларускае Радыё Рацыя