Псеўдадасягненні школ Беларусі



Шчасце якое! Аказваецца, школы Беларусі на цэлыя 94% укамплектаваныя ваенрукамі. Гэта ж колькі розных вайскоўцаў на пенсіі цяпер працаўладкавана. Можна парадавацца, што чалавек дома не сядзіць. Так бы ён каму ўсю гэтую лухту распавядаў? Тэлевізару. А цяпер вось у школу пашоў працаваць.

Але вы толькі ўдумайцеся: 94% школ укамплектаваныя ваенрукамі. Гэта сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас сустрэчы з педагогамі Жодзінскай жаночай гімназіі. То бок заўважце, гаворка ідзе не пра настаўнікаў англійскай мовы. Не пра нейкія пазітыўныя змяненні ў беларускай школьнай адукацыі. А пра ваенрукоў. Цяпер ваенрукі – нашае ўсё. Няма ваенрука ў школе – лічы, кепская навучальная ўстанова. Бо хто ж яшчэ будзе “ўцюхваць” дзецям у галовы розныя патрыятычныя штампы, у якія ніхто не верыць. Для ваенрукоў яшчэ і спецыяльныя інструкцыі распрацавалі. Відаць, каб ужо дакладна гаварылі тое, што трэба ўладам. А тое раптам што. Лепей перастрахавацца. А тое, што лепей бы дзецям шахматы выкладалі ці лішнія ўрокі замежнай мовы ўвялі замест гэтых псеўдапатрыятычных урокаў ад ваенрукоў, Міністэрства адукацыі не хвалюе.

Сапраўды, пасля такога навучання ў школах з ваенрукамі беларускія дзеці ў будучым будуць вельмі канкурэнтаздольнымі.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя